Адсвяткаваць
традыцыйнае беларускае свята Купалле на Полачынну накіравалася 9 гарадзенцаў, сяброў Студэнцкага этнаграфічнага таварыства,
удзельнікаў суполкі народнай культуры. 12 год запар там ужо святкуецца Купалле,
а мы патрапілі ўпершыню. Сваімі пазітыўнымі ўражаннямі хочацца падзяліцца з
ўсімі.
Мы селі ў чоўны і
паплылі да выспы, якая месціцца на возеры. Здаецца тут на вадзе і прыйшло
першае адчуванне купальскага свята. 14 доўгіх гадзін дарогі засталіся на
беразе. Там жа на беразе, падаецца, засталося і 21 стагоддзе з яго сучаснымі тэхналогіямі,
моднай вопраткай, мітуснёй і штучнай стабільнасцю.
З намі лагодна
павіталася сонейка. Яно хутка павінна было ўжо схавацца за гарызонт і дасылала
нам апошнія промні святла, якія чароўным вобразам люстраваліся ў вадзе. І
сапраўды – адбылася магія: дзяўчаты заспявалі акапэльныя купальскія песні,
хвалі біліся аб човен, а на беразе выспы нас сустракалі людзі ў народных строях
– мы нібы плылі скрозь час у мінулае.
Выспа была
запоўнена людзьмі ў традыцыйных народных строя, а тыя адзінкі, хто яшчэ насіў
сучасную вопратку, на вачах пераўвасабляліся, апранаючы вышываныя льняныя
кашулі. Намётавае мястэчка мясцілася пад адным вялікім дубам, а імправізаваны
стол з агульнай ежай – пад другім. На ўзгорку хлопцы заканчвалі ладзіць
вогнішча, а з розных канцоў даляталі прыемныя купальскія спевы – дзяўчаты
завівалі вянкі. Шматлікая колькасць разнастайных
зёлак проста здзіўляла. А пазней нам нават сказалі, што гэта ўнікальнае месца
па расліннасці, тут нават растуць кветкі, якія занесены ў “Чырвоную кнігу”(мы
іх толькі фатаграфавалі).
І вось
падрыхтоўчы момант скончаны. Людзі арганізоўваюць імправізаванае шэсце: першымі
дзяўчаты трымаюць даўгі вянок, затым закаханыя па парах і ўсе астатнія ўдзельнікі
свята. Шэсце ідзе на паляну. Ля брамы сустракаюць мужчына з жанчынай, які
прапануюць ўсім умыцца вадой – і дзея пачынаецца. Вялізны карагод з больш за
сто чалавек замыкае кола вакол вогнішча, і навокал льюцца гучныя купальскія
песні. Усё хутчэй і хутчэй іскры ўзлятаюць высока ў неба, а ты ўяўляеш, што з
аблокаў карагод нагадвае дыск сонца, якое разгараецца і пасылае сваё святло,
сваю энергетыку ў космас. Заўтра сонейка “пачне паміраць”. Гэта значыць, што
дзень будзе рабіцца карацейшым. І так прыемна, што зараз мы, людзі 21
стагоддзя, гэтак жа як нашы продкі шмат год таму сваімі спевамі і дзеяннямі выказваем
падзяку сонцу за яго цеплыню.
Слуп, на якім
высілася сярод вогнішча купальскае кола, ламаецца і падае на зямлю. Усе
падыходзяць бліжэй і зацягваюць песні-дражнілкі між хлопцамі і дзяўчатамі, а
неўзабаве першыя адважныя спрабуюць скочыць праз вогнішча. Атрымоўваецца – і
затым кожны адзін за адным пралятае над агнём. Скочаць у пары, каб праверыць
лёс будучага каханне: калі рукі не расчэпяцца, то быць ім у пары. Вогнішча
ачышчае і благаслаўляе, як і сонейка жадае нам бясконцага калаўроту жыцця.
Танцы пад дуду,
шумныя масавыя і складаныя сілавыя мужчынскія гульні працягваюць свята. У цьмяным
святле ад вогнішча ўсё глядзіцца яшчэ больш магічней. Па колу перадаюць нядаўна
звараны крупнік і сыр. Усе частуюцца рытуальнай купальскай стравай і
працягваюць гулянне. Нехта па-ранейшаму танчыць альбо гуляе, іншыя грэюцца ля
агню зачараваныя вогнішчам, нехта
збіраецца гуртамі і спявае купальскія песні, а некаторыя ў пары збягаюць шукаць
папараць-кветку. І ўвесь гэты час з-за гарызонта бачна святло. Сонца схавалася,
але апошнія яго промні далятаюць да нас скрозь атмасферу.
З кожнай хвілінай
пачынае рабіцца ўсё святлей і святлей. Усе зноў збіраюцца ля рытуальнага
вогнішча, заводзяць песні, размовы, чакаюць узыходу сонца. І вось нехта гучна
крычыць: “Узыходзіць!” Усе падымаюцца, глядзяць: з-за гарызонта за дрэвамі
падымаецца вогненны дыск. Людзі вітаюць сонца акапэльнымі спевамі, адмысловымі
купальскімі, прысвечанымі перараджэнню сонца. І – неверагодна! – за адну песню
сонца ўздымаецца па-над зямлёй. Яшчэ некалькі хвілін і яно ўжо над дрэвамі –
пачынае іграць. Гэтую з’яву словамі перадаць немагчыма. Сонца зачароўвае,
авалодвае ўсю тваю свядомасцю. Табе падаецца, што сонейка танчыць на небе, нібы
вырываецца з прасторы: то робіцца выпуклым, то зноў правальваецца ў неба. Яно танчыць,
мяняе аденні святла, пераліваецца. Такім яго можна пабачыць толькі купальскай
раніцай.
Сонца перарадзілася
і “пачынае паміраць”, але сваёй гульнёй яно даруе людзям надзею на тое, што іх
жыццё не бессэнсоўнае. Іх чалавечае ўвасабленне на зямлі таксама мае нейкую
сваю магічную мэту, свой сакральны сэнс – і “іграючае сонца” паказвае людзям
прыклад таго, як трэба дарыць сваё святло, не гледзячы на тое, што напрыканцы
жыцця давядзецца згаснуць, але любое пераўвасабленне – гэта непарушны рух
Сусвету.
Затым звыкла
купаюцца, рыхтуюць ранішнюю яечню, і зноў на чоўнах вяртаюцца ў 21-е стагоддзе.
Але вяртаюцца ўзбагачаныя духоўна, з унутранай
чысцінёй, якая нараджае і фарміруе ідэалы існавання. Нават аднойчы
пабываўшы на Купаллі – узбагачаешся мудрасцю, якая мяняе тваю свядомасць цалкам
і безпаваротна. Ужо нішто не заменіць табе жывых аўтэнтычных песень, вялізнага
палаючага вогнішча, і ігры ранішняга сонейка. А вяртаючыся сюды не аднаразова,
ты пачынаеш адчуваць сябе часткай Сусвету, і разумець, што традыцыі нашых
продкаў будуць жыць пакуль будзем жыць мы – беларусы…
Як, як, як файнааааа!!!!))))
ОтветитьУдалитьCапраўды проста супэр!
ОтветитьУдалить