Цяперашнія
беларускія дзяўчаты толькі і думаюць, як бы ўцячы за мяжу з якім-небудзь
пажылым, мнагамудрым, фінансава стабільным замежнікам на спорткары. А вось
даўней дзяўчат аддавалі ў асноўным за сваіх і, як правіла, за «роўных», а шлюб
з чужынцам у фальклоры ўвогуле прыраўноўваўся да смерці нявесты! Зрэшты, толк у
радасцях нашы прашчуры ведалі і тады.
Пра асаблівасці
нацыянальнага шлюбу ў даўніну расказала фалькларыст, доктар філалагічных навук,
складальнік кнігі пра беларускі эратычны фальклор Таццяна Валодзіна.
- Як выходзілі
замуж у Беларусі раней? Гэта мала нагадвала сучасны шлюб?
-- Шлюб у беларускай
вёсцы ў XIX - пачатку XX ст. быў зусім не асабістай справай, як у нас цяпер:
захацеў -- ажаніўся. Там гэта кантралявалася соцыумам: абсалютна кожны жыхар
вёскі павінен быў мець сям'ю, «ачалавечыцца», г.зн. ажаніцца, стаць нармальным,
паўнавартасным чалавекам (а інакш ты ўсяго толькі паўчалавека).
Гэта цяпер бабылі
вакол, нават 40-гадовыя, «чорт іx не ажэнiць», ходзяць і співаюцца, а раней,
калі хлопец не ажаніўся, пакаранне было суровым. Падчас Масленіцы яму вешалі на
шыю калодку, і ён павінен быў адкупляцца - карміць цэлы натоўп жанчын.
Дзіця рыхтавалі
да таго, што рана ці позна яно павінна ўступіць у шлюб. У XIX ст. пары
ствараліся не столькі самімі маладымі людзьмі, колькі іх бацькамі. Сваты
прыходзілі: «Цi ёсць у вас цялушка на продаж?» - і сваталі. Народная традыцыя
настолькі багатая метафарычна, што дзяўчыне нават не трэба было казаць «так»
або «не»: напрыклад, калі яна выносіла сватам гарбуз, гэта быў знак адмовы.
Наогул, беларускае
вяселле даследчыкі называюць операй -- гэта дзея з некалькіх актаў. Нярэдка
маладыя нават не былі знаёмыя паміж сабой. Але прынцып роўнасці ў складанні пар
выконваўся заўсёды - «дай, Божа, за роўнiцу». «За роўнiцу» - ва ўзроставым,
маёмасным, канфесійным, этнічным плане - напрыклад, проста так пайсці за габрэя
было вельмі непажадана.
- Выходзіць,
нельга было выйсці замуж, напрыклад, за якога-небудзь залётнага іншаземца,
нават калі ён быў багаты і чалавек добры?
- Беларусы ў
такім выпадку аддавалі сваё дзіця вельмі неахвотна. Нават шлюб з багатым, але
чужым і нашмат старэйшым не мог адбыцца.
Гэта цяпер нашыя
дзяўчаты хочуць выйсці замуж за багатага амерыканца ці турка, а ў традыцыйным
разуменні гэта было ўсё роўна што адправіць дзіця на той свет.
Такія шлюбы ў фальклоры прыраўноўваліся нават
да смерці маладой.
- Чаму ў даўніну
беларусы не мелі звычаю абдымацца і цалавацца пры старонніх, нават на ўласным
вяселлі?
- Тое, што мы
назіраем цяпер у грамадскім транспарце і на вуліцы, у вёсцы было немагчыма!
Нават паміж жаніхом і нявестай адносіны заставаліся максімальна цнатлівымі да
шлюбнай ночы. Абдымкі і пацалункі - гэта за сямю замкамі.
Пры гэтым існаваў
шэраг гульняў падчас рытуалаў і святаў, нешта накшталт нашай «бутэлечкі» або
«падушачкі»: «каго люблю - таго пацалую, падушачку пухавую таму падарую». Гэтыя
гульні мелі вялікае значэнне: моладзь вучылася, як сябе паводзіць з процілеглым
полам. Не было такога, як цяпер, калі дзеці глядзяць кіно ці сядзяць у
інтэрнэце.
Такія гульні былі першай школай. У любым
выпадку да шлюбу моладзь прыходзіла, захаваўшы цнатлівасць. Прычым як дзяўчына,
так і малады чалавек.
- Нават малады
чалавек?!
- Лічыцца, што
патрабаваць цнатлівасці ад хлопца - гэта асаблівасць беларускай традыцыі.
Напрыклад, не толькі дзяўчыну, але і хлопца садзілі на дзежку (гэта бочка, дзе
замешваюць хлеб). Сесці на яе меў права толькі нявіннік. Падманеш - доўгі час
не будзе ўраджаю хлеба, будуць паміраць жывёлы і нават дзеці.
Натуральна, маладыя баяліся гэтага. Нават
ганьба і адмена вяселля былі не такія страшныя, як 7 гадоў без ураджаю.
- Чаму кары для
дзяўчат, якія не збераглі цноты, былі вельмі суровымі?
- Лічылася, што
дзявочая чысціня забяспечвае чыстае жыццё для ўсёй радні. У прыгаворах
вясельных кажуць: «Татку, я не чыстая». Страта цноты прыраўноўвалася да
заплямленасці, бруду, і гэты бруд уплываў на родных, дзетак, ураджайнасць
зямлі. Тут не толькі маральны аспект, але і аграрна-магічны сэнс.
- Але ж вывешваць
начнушку ў акне пасля шлюбнай ночы - гэта нейкае варварства...
- Звычай існаваў
збольшага на Палессі, вывешвалі ў якасці свайго кшталту сцяга. Наогул, быў цэлы
шэраг звычаяў ганьбіць такую дзяўчыну, «гаротнiцу».
Збіральнікі XIX
ст. бачылі варварства яшчэ горшае, калі на гэтую дзяўчыну, а часцей на яе маці
надзявалі хамут, як на каня, і ганялі па вёсцы.
Гэта такая ганьба! З больш мяккіх варыянтаў -
маці падносілі кубак з дзіркай, заткнуўшы яе пальцам, ці прабіты блін.
Цяпер мы гэта апісваем
як перажытак мінулага, быццам гэта было 1000 гадоў таму, а між тым гэта яшчэ
даваенная практыка.
- Звычаі,
звязаныя з нараджэннем дзяцей, таксама былі поўныя эратычнага падтэксту?
- У хлопчыка і
дзяўчынкі з самага іх нараджэння фармавалася іх будучая сэксуальнасць. Хлопчыку
пупавіну адразалі на тры пальцы, каб усе органы былі ў парадку, дзяўчынцы - на
два. Дзяўчынку прымалі ў мужчынскія штаны, а хлопца - у мамчын падол, каб яго
дзяўчаты любілі. Дзяўчынцы пупок мазалі мёдам, каб салодкая была.
Вельмі вялікае
значэнне мела першае купанне. Дзяўчынку купалі ў цёплай вадзе, казалі: калі
льеш халодную ваду, дзяўчынка будзе зусім халоднай, калі ж гарачую - занадта
гарачай. Яшчэ горш, калі вада спачатку халодная, а потым раз - і далілі
гарачай: тады жанчына зробіцца гарачай пад старасць.
- Як мужчынская і
жаночая сэксуальнасць абыгрывалася ў сельгасработах, каб павысіць ураджайнасць?
- Сама ідэя
сімвалічнага падабенства ўзаемаадносін полаў і апрацоўкі глебы - вельмі
старажытная. Ворыва і дождж у архаічным разуменні ўспрымаліся як апладненне
зямлі. Ёсць такая класная загадка:
«Ехаў плуг на
чорны луг, за iм пара слуг; туды ехаў весел, а адтуль - галаву звесiў».
У архаічных
культурах зафіксаваныя выпадкі, калі полавы акт адбываўся проста ў полі, каб
паўплываць на ўраджайнасць.
У Беларусі гэтага
не было, але гаспадар мог сеяць нешта без штаноў, толькі ў доўгай кашулі (каб
не свяціць нічым, але тым не менш). Гэта імітацыйная магія, калі падобнае
выклікае падобнае.
Да гэтага часу ў нашых вёсках можна сустрэць
звычай, калі садзіць агуркі трэба мужчыну, прычым без штаноў, прыгаворваючы
«расцiце, агурочкi, як мужчынскiя х..чкi».
- А ў жанчын якія
былі абавязкі?
- Цяжарная
жанчына як прадметнае ўвасабленне пладавітасці актыўна ўключалася ў магічныя
дзеянні. Калі карова доўга не магла пакрыцца, цяжарная жанчына павінна была
пакарміць яе са свайго фартуха. Бясплодныя жанчыны стараліся пасядзець на яе
месцы ці ўзяць сабе яе фартух, пояс.
- Для чаго
існавала ўстрыманне напярэдадні нейкіх важных падзей?
- Сэксуальнае
жыццё, па традыцыі, строга рэгламентавалася. Напярэдадні вялікіх святаў гэта
катэгарычна забаранялася - лічылася, што зачатыя ў гэты час дзеці нараджаюцца
ці калекамі, ці злыднямі. Забаранялася гэта і перад любой справай, надзеленай
сакральным сэнсам, - выпечкай хлеба, паляваннем, пасяўной, першым выганам
скаціны...
Ёсць шыкоўны
этнаграфічны запіс пра беларуску, якая прызнаецца, што яна абсалютна
ненармальная што да мужчын, змяніла іх шмат, разбівала сем'і... А чаму так
атрымалася? Таму што першы раз яна мела кантакт з хлопцам у Велікодную ноч.
Яна кажа: «Людзі Хрыста славілі, у царкве
стаялі на ўсяночную, а я цэлку ламала». Яна сама лічыць, што гэта страшны грэх
і што ён паўплываў на ўсё яе жыццё.
- Беларускі
эратычны фальклор адрозніваўся ад фальклору расійскай глыбінкі?
- Для
традыцыйнага беларускага эратычнага фальклору XIX--XX стст. характэрная
скразная метафарычнасць, мінімум наўпростых найменняў, вобразная насычанасць.
Жаночыя і мужчынскія полавыя органы падаюцца ў вельмі распрацаванай вобразнай
сімвалічнай форме: напрыклад, калі казаць пра жывёльную сімволіку, то для
жанчын гэта шэраг дробных пухнатых звяроў (бабёр, выдра). «Кум кумку разуваў,
пад падолiк заглядаў, ай ты, кумка, што за звер, я баюся, каб не з'еў!» Для
мужчын гэта воўк, сабака, заяц і казёл, як ні груба гэта гучыць, з птушак -
певень. Калі браць прадметы, то «жаночыя» - гэта прадметы круглявай формы, са
шчылінамі, «мужчынскія» - даўгаватыя. Наогул, беларускія эратычныя творы поўныя
мяккага гумару. Успомню парачку: «Ой, бабка мая, у цябе карытца, у мяне ёсць
парсючок, дай яму парыцца!» Смешна ж! З сучасных: «Дзед з бабай на пячы гулялі
ў футбол, як баба ні круцілася, дзед забіў ёй гол». Тут няма вульгарнай
шчырасці або грубасці, усё максімальна мякка, хораша і смешна.
Эратычны
фальклор, у адрозненне ад нашага часу, калі ён штампуецца ў інтэрнэце,
выконвалі ў строга пазначаны час у строга азначаным месцы. Як правіла, гэта
было застолле дарослых людзей.
- Ад спрадвечных
беларускіх якасцяў - сарамлівасці, цноты - пасля сэксуальнай рэвалюцыі і
падзення жалезнай заслоны не засталося і следу?
- Думаю, што яны
захаваліся. Ва ўсякім выпадку, нават сёння існуе розніца паміж горадам і
вёскай. На ўзроўні калі не ідэалу, то стэрэатыпу цнатлівасць і сціпласць
уваходзяць у пажаданы набор. Залішняя ініцыятыўнасць для дзяўчыны не
заахвочваецца нават сёння, калі яна неабходная. Бо адбыўся вельмі рэзкі злом
стэрэатыпу маскуліннасці: нашы хлопцы страцілі абавязковую для іх некалі
настойлівасць у стварэнні пары. Цяпер выгадней мець 20 сябровак, чым адну
жонку.
***
Таццяна Валодзіна
нарадзілася ў 1968 г. на Лепельшчыне. Скончыла філалагічны факультэт БДУ, з тых
часоў працуе ў Акадэміі навук. Фалькларыст, доктар філалагічных навук.
матэрыял узяты з Нашай нівы
Комментариев нет:
Отправить комментарий