понедельник, 18 июня 2012 г.

Купалле


kupallie_5_11
Купалле, якое святкуюць падчас летняга сонцастаяння (22-24 чэрвеня), з’яўляецца кульмінацыяый гадавога кола, часам найвышэйшага росквіту прыродных сіл. Гэты значны пераходны момант прыроднага кругабегу спрадвеку быў абазначаны ўрачыстымі святкаваннямі байдай што ва ўсіх народаў свету.

kupallie_1_11
Старажытнае язычніцкае свята ў часы хрысціянізацыі было дапасавана да святкавання 24 чэрвеня раства Іаана Хрысціцеля. Праваслаўныя святкуюць яго 7 ліпеня.
kupallie_2_11
У гэту ноч, як верыў народ, выходзяць наверх закапаныя ў зямлі скарбы; дрэвы пераходзяць з месца намесца і вядуць гутарку між сабой. “На Купалу, кажуць, сонца грае, і ўсе стараюцца гэта пабачыць. Засляпляе вочы, грае усякімі узорамі: і сінія, і жоўтыя, і малінавыя. І такое вялікае робіцца, а пасля разважыцца і скача, і зноў такія колеры ўсякія, і доўга, пакуль не падыйддзе мо метраў два, так грае, усякія колеры, як у радугі. Гавораць, што не усім дадзена пабачыць. Як чалавек шчаслівы, той яго пабачыць, а як так, то й не пабачыць”.
kupallie_3_11
Да купальскай ночы рыхтаваліся з раніцы. Жанчыны і дзяўчаты ішлі на луг збіраць кветкі і зёлкі, якія ў гэты дзень набываюць асаблівую гаючую, чароўную сілу. З кветак дзяўчаты вілі вяночкі. Пад вечар, святочна апрануўшыся, яны ішлі па вёсцы і клікалі людзей на Купалле.
kupallie_4_11
Месцам правядзення свята магла быць гара, лука ракі, бераг возера. На гэтае месца зносілі усякую старызну для вогнішча, якая сімвалізавала ўсё аджытае, хворае, непатрэбнае і павінна была згарэць у ачышчальным агні. На месцы вогнішча ўкопвалі жардзіну, якую абвівалі хмелем, на верх яе мацавалі старое кола, упрыгожанае зёлкамі. Вакол жардзіны складалі старызну, дрова, падпальвалі ўсё гэта “жывым” агнём, здабытым шляхам трэння кавалкаў дрэва або з дапамогай крэсіва. Полымя купальскага агню надзялялася ачышчальнай сілай ад злых духаў, праганяла смерць, да яго падносілі дзяцей, якія занядужалі. Вакол вогнішча вадзілі карагоды. Назіралі: у чый бок падала жардзіна з колам, той павінен стаць шчаслівым. Моладзь скакала праз вогнішча. Калі хлопец меў пару, то пераскокваў агонь разам са сваёй дзяўчынай. Калі ў час скакання праз агонь у закаханай пары рукі не разыйдуцца, то гэта добрая прыкмета, і вяселле іх у гэтым жа годзе павінна адбыцца. Тут жа гатавалі абрадавую вячэру, частаваліся.
kupallie_6_11
Гэтае свята, як ніякое іншае, напоўнена было таямнічасцю. Дзяўчаты варажылі на вянках, якія пускалі па вадзе, апоўначы рвалі на скрыжаванні трыпутнік, каб даведацца, хто будзе сужаны.
“На Купалле у гаданні хадзілі на крыжавыя дарогі, рвалі падарожнік зубамі. Клаліся і зубамі рвалі, атарвеш яго а потым нясеш у зубах да дому. Гэта гадалі як ужэ расходзіліся. Яго пад голаву кладзеш і ва сне прыйдзе хлопец папытаць, дзе рвала падарожнік. За таго хлопца і замуж выйдзеш”.
kupallie_7_11
Хлопцы шукалі папараць кветку. Ноч з 23 на 24 чэрвеня лічыцца самай таямнічаю. У гэтую ноч, па народным павер’і, расцвітае папараць. Хто сарве кветку гэтай расліны і будзе насіць пры сабе, той будзе шчаслівы, багаты і атрымае ўсё, што захоча. Але здабыць яе вельмі цяжка: у самую поўнач, калі яна павінна раскрыцца, надыходзіць мацнейшая навальніца, зіхаціць бліскавіца, гром б’е за громам, і таму, хто асмельваецца сарваць кветку, здаюцца розныя пачвары, якія імкнуцца ўсяляк перашкодзіць задумам чалавека. Каму ўдаецца сарваць кветку, павінен, не аглядваючыся, ісці дадому і не звяртаць увагі ні на пагрозы, ні на зманлівыя абяцанні, якімі ведзьмы стараюцца прымусіць чалавека аглянуцца. Інакш кветка ў адзін момант прападзе.
kupallie_8_11
Расказваюць, што нейкаму шчасліўцу ўдалося авалодаць кветкай папараці. Было гэта так. У аднаго чалавека напярэдадні Купалы заблудзіліся валы. Ен пайшоў шукаць іх у лес, ды і сам заблудзіўся. Трапіў ён у такую глуш, што не меў магчымасці ісці далей, і паняволі прыйшлося прыпыніцца, каб адпачыць. Выявілася, што, заблудзіўшыся, лёг сярод папараці. Ноччу, калі адцвіла папараць, а цвіце яна, па ўяўленні народа, адно імгненне, кветка яе папала селяніну ў лапаць. Прачнуўшыся, селянін адчуў сябе зусім іншым чалавекам. Ен разумеў шапаценне дрэў, чуў, што гавораць у яго дома, бачыў усё, што там адбываецца, як бы перад сабою, бачыў тое месца, дзе знаходзяцца яго валы, бачыў багацці зямлі, скарбы. Ен вырашыў пайсці за валамі, хутчэй загнаць іх дамоў і адправіцца адкрываць скарбы. Ужо ён гнаў дамоў валоў, але тут адчуў, што горача яго нагам, і, каб аблегчыць сябе і хутчэй дабрацца дамоў, ён скінуў лапці, не падазраючы, што ў іх знаходзіцца галоўная і адзіная прычына яго ўсёбачання. Скідаючы лапці, ён выпусціў з іх магічную кветку і ў тую ж хвіліну згубіў усе свае веды і разуменне: стаў ранейшым селянінам з няясным успамінам аб нядаўняй сваёй унутранай вялікасці.
Адзін з найважнейшых кампанентаў купальскага святкавання – ідэя нябеснага шлюбу як сімвала шлюбу зямнога. Пра гэта распавядаецца ў купальскіх песнях:
Арол – бож’я пташка,
Высока лятаець,
І ў Бога бываець.
Сам Бог піва варыць,
Ілля гарэлачку.
Сам Бог сына жэніць,
Ілля дочку ‘ддаець.
Сам Бог з пірагамі,
Ілля з праснакамі
Сам Бог са свячою,
Ільля са слязою.
Ішла Купалка сялом-сялом,
Закрыўшы вочкі пяром-пяром
Едзець мальчышка жаніціся,
А каля яго – людзі дзівіціся,
А Купалка сварыціся:
Чаго ля яго дзівіціся?
Едзець мальчышка жаніціся,
Сам жа ён едзе на коніку,
Младую вязе у возіку.
Сам жа ён едзе, як жар гарыць,
Младую вязе – як мак цвіце.
А жар жа гарыць, патухае,
А мак жа цвіце, ападае.
kupallie_9_1
І як праекцыя нябеснага саюза – шлюбы зямныя, якія ладзіліся ў гэты дзень.
А на гарэ царкоўка,
А на царкве – макоўка,
На макоўке – ластаўка,
Яна сядзіць высока,
Яна бачыць далёка:
А што ў вёсках дзееца –
Дзевець хлапцоў жэніцца,
Дзесяты заручаецца.
kupallie_10_1
І толькі па тэкстам старадаўніх песень можна здагадацца, што магло адбыцца ў купальскую ноч у тыя даўнія часы, калі жонку сабе можна было хаця б проста ўкрасці з карагода.
Купальнае ночы, купальнае ночы
Ў Кузьмы пры дварочку ўсе дзеўкі у радочку.
Адной толькі нету Рожынай дочкі.
Чэшыць яе маці, чэша, навучаіць:
— Не стой з Кузьмой поплеч, не стой у радочку,
Кузьма цябе зманіць, Кузьма цябе зманіць.
Кузьма дагадаўся, пайшоў і прыбраўся
У дзявоцкае адзенне, ў дзявоцкае аблічча.
І стаў у радочку із Рожынай дочкай.
Варыць Кузьма піва на дзіўнае дзіва.
Завець Кузьма дочку, завець у камору.
Пішыць Кузьма пісьмы да Рожынай маці:
— Не жджы, маці, дочку, не жджы у вяночку,
А жджы, маці, дочку ў беленькім платочку.
Не жджы з белым сырам, а жджы з малым сынам.
Не жджы у пятроўку, а жджы у ражтоўку.
Тэксты аўтараства Ірыны Мазюк.
Фотаздымкі былі зробленыя Андрэем Лянкевічам у мястэчку Ракаў 24

Комментариев нет:

Отправить комментарий