вторник, 26 июня 2012 г.

Купальскае пераўвасабленне


Адсвяткаваць традыцыйнае беларускае свята Купалле на Полачынну накіравалася 9 гарадзенцаў, сяброў Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, удзельнікаў суполкі народнай культуры. 12 год запар там ужо святкуецца Купалле, а мы патрапілі ўпершыню. Сваімі пазітыўнымі ўражаннямі хочацца падзяліцца з ўсімі.

Мы селі ў чоўны і паплылі да выспы, якая месціцца на возеры. Здаецца тут на вадзе і прыйшло першае адчуванне купальскага свята. 14 доўгіх гадзін дарогі засталіся на беразе. Там жа на беразе, падаецца, засталося і 21 стагоддзе з яго сучаснымі тэхналогіямі, моднай вопраткай, мітуснёй і штучнай стабільнасцю. 




З намі лагодна павіталася сонейка. Яно хутка павінна было ўжо схавацца за гарызонт і дасылала нам апошнія промні святла, якія чароўным вобразам люстраваліся ў вадзе. І сапраўды – адбылася магія: дзяўчаты заспявалі акапэльныя купальскія песні, хвалі біліся аб човен, а на беразе выспы нас сустракалі людзі ў народных строях – мы нібы плылі скрозь час у мінулае.

Выспа была запоўнена людзьмі ў традыцыйных народных строя, а тыя адзінкі, хто яшчэ насіў сучасную вопратку, на вачах пераўвасабляліся, апранаючы вышываныя льняныя кашулі. Намётавае мястэчка мясцілася пад адным вялікім дубам, а імправізаваны стол з агульнай ежай – пад другім. На ўзгорку хлопцы заканчвалі ладзіць вогнішча, а з розных канцоў даляталі прыемныя купальскія спевы – дзяўчаты завівалі вянкі. Шматлікая  колькасць разнастайных зёлак проста здзіўляла. А пазней нам нават сказалі, што гэта ўнікальнае месца па расліннасці, тут нават растуць кветкі, якія занесены ў “Чырвоную кнігу”(мы іх толькі фатаграфавалі).





І вось падрыхтоўчы момант скончаны. Людзі арганізоўваюць імправізаванае шэсце: першымі дзяўчаты трымаюць даўгі вянок, затым закаханыя па парах і ўсе астатнія ўдзельнікі свята. Шэсце ідзе на паляну. Ля брамы сустракаюць мужчына з жанчынай, які прапануюць ўсім умыцца вадой – і дзея пачынаецца. Вялізны карагод з больш за сто чалавек замыкае кола вакол вогнішча, і навокал льюцца гучныя купальскія песні. Усё хутчэй і хутчэй іскры ўзлятаюць высока ў неба, а ты ўяўляеш, што з аблокаў карагод нагадвае дыск сонца, якое разгараецца і пасылае сваё святло, сваю энергетыку ў космас. Заўтра сонейка “пачне паміраць”. Гэта значыць, што дзень будзе рабіцца карацейшым. І так прыемна, што зараз мы, людзі 21 стагоддзя, гэтак жа як нашы продкі шмат год таму сваімі спевамі і дзеяннямі выказваем падзяку сонцу за яго цеплыню.




Слуп, на якім высілася сярод вогнішча купальскае кола, ламаецца і падае на зямлю. Усе падыходзяць бліжэй і зацягваюць песні-дражнілкі між хлопцамі і дзяўчатамі, а неўзабаве першыя адважныя спрабуюць скочыць праз вогнішча. Атрымоўваецца – і затым кожны адзін за адным пралятае над агнём. Скочаць у пары, каб праверыць лёс будучага каханне: калі рукі не расчэпяцца, то быць ім у пары. Вогнішча ачышчае і благаслаўляе, як і сонейка жадае нам бясконцага калаўроту жыцця.



Танцы пад дуду, шумныя масавыя і складаныя сілавыя мужчынскія гульні працягваюць свята. У цьмяным святле ад вогнішча ўсё глядзіцца яшчэ больш магічней. Па колу перадаюць нядаўна звараны крупнік і сыр. Усе частуюцца рытуальнай купальскай стравай і працягваюць гулянне. Нехта па-ранейшаму танчыць альбо гуляе, іншыя грэюцца ля агню  зачараваныя вогнішчам, нехта збіраецца гуртамі і спявае купальскія песні, а некаторыя ў пары збягаюць шукаць папараць-кветку. І ўвесь гэты час з-за гарызонта бачна святло. Сонца схавалася, але апошнія яго промні далятаюць да нас скрозь атмасферу.

З кожнай хвілінай пачынае рабіцца ўсё святлей і святлей. Усе зноў збіраюцца ля рытуальнага вогнішча, заводзяць песні, размовы, чакаюць узыходу сонца. І вось нехта гучна крычыць: “Узыходзіць!” Усе падымаюцца, глядзяць: з-за гарызонта за дрэвамі падымаецца вогненны дыск. Людзі вітаюць сонца акапэльнымі спевамі, адмысловымі купальскімі, прысвечанымі перараджэнню сонца. І – неверагодна! – за адну песню сонца ўздымаецца па-над зямлёй. Яшчэ некалькі хвілін і яно ўжо над дрэвамі – пачынае іграць. Гэтую з’яву словамі перадаць немагчыма. Сонца зачароўвае, авалодвае ўсю тваю свядомасцю. Табе падаецца, што сонейка танчыць на небе, нібы вырываецца з прасторы: то робіцца выпуклым, то зноў правальваецца ў неба. Яно танчыць, мяняе аденні святла, пераліваецца. Такім яго можна пабачыць толькі купальскай раніцай. 



Сонца перарадзілася і “пачынае паміраць”, але сваёй гульнёй яно даруе людзям надзею на тое, што іх жыццё не бессэнсоўнае. Іх чалавечае ўвасабленне на зямлі таксама мае нейкую сваю магічную мэту, свой сакральны сэнс – і “іграючае сонца” паказвае людзям прыклад таго, як трэба дарыць сваё святло, не гледзячы на тое, што напрыканцы жыцця давядзецца згаснуць, але любое пераўвасабленне – гэта непарушны рух Сусвету.

Затым звыкла купаюцца, рыхтуюць ранішнюю яечню, і зноў на чоўнах вяртаюцца ў 21-е стагоддзе. Але вяртаюцца ўзбагачаныя духоўна, з унутранай  чысцінёй, якая нараджае і фарміруе ідэалы існавання. Нават аднойчы пабываўшы на Купаллі – узбагачаешся мудрасцю, якая мяняе тваю свядомасць цалкам і безпаваротна. Ужо нішто не заменіць табе жывых аўтэнтычных песень, вялізнага палаючага вогнішча, і ігры ранішняга сонейка. А вяртаючыся сюды не аднаразова, ты пачынаеш адчуваць сябе часткай Сусвету, і разумець, што традыцыі нашых продкаў будуць жыць пакуль будзем жыць мы – беларусы…

2 комментария: