понедельник, 25 июня 2012 г.

Горадня, Гародня альбо Гродна?


Не першы год жыхары нашага горада спрачаюцца пра ягоную назву. Як казаць пісьменна, і ці важна гэта наогул? Адкуль паходзіць кожны з варыянтаў назвы?
З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да гарадзенскіх гісторыкаў.
«Гродна» – сучасная назва горада, якая сягае ў XVIII ст. і з'яўляецца польскай калькай, што пасля перайшла ў расейскую мову (так жа як «Мінск», «Брэст» ці «Навагрудак», якім у беларускім слоўніку адпавядаюць «Менск», «Берасце» і «Наваградак»). Найбольш старажытная назва нашага горада, якая сустракаецца ў летапісах, гучыць як «Городенъ», а яшчэ часам «Городна». Справа ў змене склонаў, з усмешкай адзначаюць некаторыя гісторыкі, і сапраўды: «Няма чаго?» «Городна», - усё нібыта лагічна.


Ян Лялевіч, гісторык
Займаючыся акурат XVI стагоддзем, скажу, што ва ўсіх дакумантах падаецца назва «Городно», але, як яна вымаўлялася, сказаць цяжка, бо націскаў не ставілі. У граматыцы XIX ст., натуральна, аканне не перадавалася на пісьме, як у сучаснай расейскай мове. Магло пісацца «о», якое вымаўлялася як «а»... Таму справа заблытаная.

Image 22749

Больш дакладна мы можам меркаваць акурат з пачатку XX ст., праз перыёдыку «нашаніўскага» перыяду, дакуманты БНР, міжваенны заходнебеларускі і эмігранцкі друк – ва ўсіх гэтых крыніцах наш горад называецца чамусьці менавіта «Горадня». Калі трымацца нейкай традыі і пераемнасці, на мой погляд, варта было б карыстацца менавіта гэтай назвай, якая дакладна налічвае прынамсі 100 гадоў.


Назву «Гародня» прынята лічыць больш сучаснай, у шырокі ўжытак яна патрапіла ўжо ў часы Уладзіміра Караткевіча («Хрыстос прызямліўся ў Гародні») ды Міхася Ткачова. Адраджэнская хваля канца 1980-ых – пачатку  90-ых падхапіла назву і зрабіла фактычна дзяжурнай у беларускім асяроддзі.

Image 22750
Дзякуючы Караткевічу ''Гародня'' стала дастаяннем масаў.

Эдвард Дзмухоўскі, каардынатар выдавецкай серыі «Гарадзенская Бібліятэка»
Мы ўвесь час называлі наш горад «Гародня», таму і з выбарам назвы для нашай ініцыятывы доўга не думалі. Хіба аканне ўсё ж такі больш за оканне натуральнае для беларускай мовы: мы ж не «Вологодская библиотека» ўсё ж такі (смяецца).

Image 22751
Ці варта перавучваць беларусаў, якія ўжываюць афіцыйную назву «Гродна»? Мне падаецца, што чалавек, які цікавіцца сваёй гісторыяй і культурай сам рана ці позна пачне называць свой горад «Гародняй», а сябе «гарадзенцам».


Ці існуе выйсце са склаўшайся сітуацыі? Мажліва розныя варыянты назвы наўпрост адпавядаюць розным сферам жыцця?


Андрэй Вашкевіч, гісторык:
Я не з'яўляюся прынцыповым прыхільнікам нейкай адной версіі, і ў сваіх працах карыстаюся ўсімі трыма тэрмінамі. Мы зараз прыйшлі да таго, што, калі пішацца літаратурны твор, кажацца «Гародня», калі справа ідзе пра гістарычны  тэкст, часам чытаем «Горадня», а калі ўжо кажам пра нейкія сучасныя аспекты, дык часцей ужываем «Гродна».

Image 22752

Падобныя сітуацыі з назвамі мясцінаў у свеце часцей за ўсё звязаныя са зменай улады альбо нацыянальна-культурнай арыентацыі рэгіёну. Тыя ж літоўцы па-ранейшаму называюць наш горад «Гардзінас», а палякам ніколі ў жыцці не прыходзіла ў галаву называць Вроцлаў «Брэслаў», нават у тыя часы, калі ён быў нямецкім. Вось і нам варта было б прывучыць сябе казаць Вільня, а не «Вільнюс», Друскенікі замест «Друскенінкай», Коўня замест «Каўнас» і г.д. Дарэчы, хіба толькі ў нашым горадзе захаваліся ўказальнікі з накірункам «Друскенікі». Гэта для нас, на маю думку, куды больш прынцыповы момант.

Фота аўтара

Комментариев нет:

Отправить комментарий