среда, 1 августа 2012 г.

У вёску на ПМЖ


Жыць у горадзе больш не модна. Новы трэнд паціху захоплівае насельніцтва Сінявокай, вяртаючы надзею на сапраўдную свабоду. Робіцца абсалютна нармальным з’язджаць на ПМЖ у вёску, выкупаць за бесцань старыя хаткі ў глухой глыбінцы, адраджаць іх і як мага радзей успамінаць пра душныя бяздушныя гарады. Гэта ўжо не трып выходнага дня з барбэкю на лецішча, гэта сапраўдны Escape the City.
Кантрыбутар 34mag Рома Носаў каля месяца грыз бульбу з вогнішча і прадзіраўся праз гектары хмызняку ад аднаго новаспечанага маёнтку да іншага, каб даследаваць сялянскі ф’южн.

Першая сустрэча адбываецца ў Валожынскім раёне, дзе паміж узгоркаў вее «вольнае паветра». У месцы, указальніка на якое (можа быць, з-за назвы) нідзе не знайсці – у Лохаўшчыне! Пасля двух перасадак на электрычках, з «апазіцыйнай газетай “Наша Ніва”» і дзіўнымі супер-пластырамі, якія суправаджаюцца акардэонам і асканнем бабла, хутарская прастора з жытнімі хвалямі паўстае перад маімі вачыма як маштабны прыродны відэа-арт.
Ля старога сіняга дома мяне сустракае Жэня, гаспадыня хутара, з секатарам у руках. Пахне лугам. Жэні 27 гадоў, яна працуе ў Польшчы на «Еўрарадыё», таму мясцовыя прасторы для яе – пакуль не адзіны дом. «Нідзе ў Еўропе нельга ўжо купіць зямлю – усё гэта неверагодна дорага. А ў нас – зладзіць сабе жыццё на прыродзе вельмі рэальна», – радуецца Жэня і махае хлопцу ў жоўтай бейсболцы, які пад’язджае да нас на ровары.
«Мы вельмі шмат падарожнічалі аўтаспынам і ў нейкі момант проста перасталі заязджаць у гарады. А навошта?»
Гэта Верасень, муж Жэні. Яму 27 гадоў, ён прывёз прадуктаў з аўталаўкі, і ён таксама гаспадар-пачатковец гэтага месца з відам на бясконцы кукурузны пагорак. Верасень – фрылансер і вечны вандроўнік. Родную зямліцу ў сямейнае карыстанне сужэнцы набылі не так даўно, усяго тры месяцы таму, і цяпер намагаюцца парваць як мага больш нітак, што вядуць з гэтай утульнай сядзібы ў бетоннае пекла таго або іншага горада. Мы знаёмімся і ўжо праз пару хвілінаў выкопваем слупы старога плота, расстаўленыя мінулымі гаспадарамі для лагістыкі скаціны. З кожнай выцягнутай з зямлі іржавай трубой усталёўваецца перамога юнай эстэтыкі над спелай функцыянальнасцю.
Рэдкую ў наш бесклапотны час фізічную працу перарывае дзед з адзінай суседняй хаты. Ён прынёс вілы і доўга распавядае пра іх. Наогул час і падзеі цякуць тут у сваім запаволеным ключы, ад гэтага чамусьці ўзрастае значнасць любой самай простай здзейсненай справы. Высвятляецца, што вілы не тыя, і дзед са словамі «я такі чалавек – зажыдзіць не магу» кліча нас у гумно, каб пашукаць іншыя. Ясен хер, вілаў мы не знаходзім, затое знаходзім бабулю, якая адразу здае нам топік My Native Village, у якім і «ўсе ўжо амаль побач па вёсках памерлі», і «зімой толькі тэлевізар у хаце, і хоць бы чалавечка ўбачыць-паглядзець – і тое б весялей было», і «калі маладосць праходзіць, а дзяцей няма, то што рабіць яшчэ – сумна ж жыць»,
«ну і зямлю хутка прагрэе, тады ўжо і грыб пойдзе», «а вы восенню прыязджайце, якраз кабана смаліць будзем». Калі табе патрэбныя адказы, абавязкова што-небудзь ды пачуеш.
Вяртаемся з Вераснем у хату, дзе нават «трыджык» ловіць толькі на гарышчы. Па дарозе няспешна трэм за негарадское жыццё. «Разумееш, чувак, мы вельмі шмат падарожнічалі аўтаспынам і ў нейкі момант проста перасталі заязджаць у гарады. А навошта? Там усё аднолькавае! А тут (падыходзіць да куста з квітнеючым язмінам)кожны дзень усё па-новаму. Ды нават проста захад сонца кожны дзень розны. І менавіта ў Беларусі: тут дом, і тут не трэба напружвацца, каб цябе зразумелі. Да таго ж на мільён я магу месяц затарвацца ў краме. Што яшчэ трэба?»
Бліжэй да вечара мы колем трэскі, каб прыгатаваць у печы грэчку. Шмат якія хаты, што ідуць на продаж у гэтых раёнах, засталіся з усімі прыладамі працы 50- або 100-гадовай даўніны, трэба толькі ўсё прыбраць і пакласці ў правільнае месца. Таму каша з кацялка – гэта не дзеля каларыту, а адзіны шлях паесці для вяскоўцаў-дэбютантаў. «А мы вырашылі паветраны шар зрабіць. У тэхніцы бяспекі я – нуль, але паляцець хачу. Тканіна, газавая гарэлка, што там яшчэ трэба? Гэта не вельмі лёгка – плыт, вядома, прасцей. Але я хачу тут проста з пагорка на ім падняцца, – марыць Верасень, калі мы ўжо сядзім сытыя і ўтыкаем на захад сонца. – А навошта яшчэ жыць, чувак? На машыну збіраць
Шпацыр перад сном выводзіць нас да цялятніка і часткова закінутай вёскі. На адным з дамоў вялікімі літарамі напісана «Прадаецца» і тэлефон. Рабяты распавядаюць, што некаторыя хаты ўжо скупляюць расейцы за смешныя грошы. «Цяпер у гісторыі Беларусі адбываецца ўнікальны момант, – распавядае Верасень. – Уводзіцца пастанова, што дом, які стаіць тры гады без гаспадара, будзе забірацца сельсаветам і выстаўляцца на продаж за адну базавую велічыню. У мэтах адраджэння вёскі. Дом за 100 тысяч!»
«Усё проста – паглядзі туды, паглядзі сюды. За адзін макбук вось гэта ўсё – тваё»
«Усё проста – паглядзі туды, паглядзі сюды, – дабіваюць мяне сужэнцы пастаральнымі аргументамі на зваротным шляху. – За адзін макбук вось гэта ўсё – тваё. Таму аднойчы мы ўзялі ровары і знайшлі сабе хутар сярод пагоркаў. А кірунак нам параіла Каштанка». «Хто?» – пытаюся я.
Дабіраюся да Гомеля, адтуль аўтаспынам да вёскі Белае балота, пасля якой францір – крамы з прадуктамі сканчаюцца. У фінале наступнай вёскі Гіраў стаіць размаляваны дом.
«У горадзе праз сцены, вібрацыі людзей, мітусню я перастала адчуваць гармонію і Бога»
Каштанка (для блізкіх Алеся) – маладая мама, якая з’ехала жыць у вёску 10 гадоў таму. Не было іншага варыянту. «Я скончыла вучэльню з чырвоным дыпломам і паехала на лета жыць на гару Мангул, дзе ўпершыню хадзіла басанож па траве, давярала толькі сваім унутраным сілам і спазнавала сілы знешнія, – кажа яна, а яе малодшы сын Яраслаў совае мне ў твар хрушча. – А потым я спусцілася з гары, прыехала ў горад і... гляджу на гэта ўсё ды фігею».
Стары хлеў перароблены ў дзіцячы гульнявы пакой з ложкам і балдахінам, калонка з ледзяной вадой і вогнішча для сустрэч, гарбатная градка з траўкамі і мяккія цацкі каля цыбулі-парэю – вось яна, вёска па-новаму. Сярэдні сын Радамір з шакуючай для пяцігадовага ўзросту жвавасцю коле дровы, а старэйшая Даша абдымае ўсіх і ўсміхаецца парай малочных зубоў. «У горадзе праз усе гэтыя сцены, праз вібрацыі людзей, мітусню я перастала адчуваць гармонію, перастала адчуваць Бога. І вось я перажываю моцны экзістэнцыяльны досвед, а ў вёсцы памірае дзядуля – і мы пераязджаем, – слухаю я, з асалодай расчэсваючы камарыны ўкус. –Ну і, вядома, чароўным пендалем была “Анастасія».
Мы ямо ля вогнішча, а вакол пастаянна труцца нейкія людзі, вітаюцца, граюць на барабанах, прыносяць ягады, моладзь з кветкавымі вянкамі на галовах кліча сустракаць Купалаўскую ноч – але мітуснёй гэта не назавеш, усе тут на сваіх месцах. «Я была проста
жывым прыкладам. Бо шмат хто жыве ў горадзе і адчувае, што гэта бязглуздзіца нейкая, ненатуральна і некамфортна ім. І што рабіць? Няма выйсця нібыта. А калі яны прыязджалі і бачылі, што вось дзяўчына адна з трыма дзецьмі жыве так у вёсцы і ўсё клёва – шмат для каго гэта было адкрыццём, прымусіла задумацца», – распавядае Каштанка, якая тут для многіх зрабілася прычынай эскейпу з гораду.
Дзяцей, якія жывуць у вёсцы з нараджэння, немагчыма злавіць, яны не спыняючыся рухаюцца па сваіх касмічных маршрутах і добрым магутным запалам адрозніваюцца ад гарадскіх аднагодкаў. Таму даводзіцца пусціць у ход цукеркі з птушыным малаком. «У вёсцы свабода, можна гуляць, дзе хочаш, а ў горадзе гуляеш абы дзе. І ў вёсцы не хварэеш, а пасля горада прыязджаеш – заўсёды кашаль», – дзеліцца назіраннямі Радамір і настойліва паказвае мне знойдзеную металічную стралу.
«Шмат хто жыве ў горадзе і адчувае, што гэта бязглуздзіца нейкая, ненатуральна і некамфортна ім»
Потым мы ўсе ўтрох ідзем глядзець, як трактар раўняе дарогу непадалёк, бяжым навыперадкі правяраць, ці прыйшлі часопісы «Познайка», «Незнайка» і «Мишуткины сказки» ў сінюю паштовую скрыню і падсумоўваем наш румяны трып скачкамі з дамбы ў лясное возера. З птушыным малаком я, мабыць, перастараўся. «Я мару пра санкі з рулём і паветраны шар!» – «А я пра тонкі планшэт!» – «А я пра мабілку!», – разважае дзетвара. Па паветраны шар я раю малым звярнуцца ў вёску Лохаўшчына, да хлопчыка з імем месяца. Сам жа, салютуючы дзецям індыга і астатнім даследнікам духу прыроды, пачынаю рух у бок закінутай вёскі Чырвоны Кастрычнік.
«Трымайцеся левага боку, там драбней», – крычыць з супрацьлеглага берага ракі відавочна звыклы ўжо да такога спосабу сустрэч хлопец з заплечнікам. Прайсці па пояс у вадзе – адзіны спосаб дабрацца летам да вядомага арт-хутара, вясной падчас раставання снегу – толькі на чоўне.
Вёску Чырвоны Кастрычнік, у якой даўно ніхто не жыў акрамя вужоў, збіраліся знесці для памяншэння падсправаздачных аб’ектаў. Але Кірыл, які падае мне руку з берага, знайшоў гэтае месца і пачаў скупляць тут хаты. «Я ўжо купіў тры хаты, і мой сябар – адну. Па 500 даляраў недзе. Але ў сельсавеце больш хочуць, каб тут нічога не было. Таму даводзіцца штодня змагацца». Пераступаючы гаўно дзікоў, мы рушым па лесе і кожныя пяць секунд, быццам адбіваючы рытм, ляпаем сябе па целе – караем смерцю чарговага камара. Я нахіляюся за суніцай, Кірыл нахіляецца, каб падабраць абгортку ад халвы. Ён пранясе рэдкае для тутэйшага лесу смецце яшчэ пару кіламетраў, проста да сваёй хаты.
«А ўвесь мінулы год я тут адзін жыў: наводзіў парадак, цягнуў святло, наладжваў кантакты з мясцовым лесніком па мянушцы Дэман»
Моцна пахне ліпай. Пакідаем рэчы ў першай хаце, як у вітальні, а каб чаго-небудзь пад’есці, рухаемся ў іншы канец вёскі ў хату-кухню. «Гэта цяпер на хутары шмат гасцей, – распавядае Кірыл, і сапраўды, толькі падчас майго візіту маладыя беларускія хлопцы здымаюць пра Кірыла дакументалку. – А ўвесь мінулы год я тут адзін жыў: наводзіў парадак, цягнуў святло, наладжваў кантакты з мясцовым лесніком па мянушцы Дэман і яго правай рукой Гнутым з суседняй вёскі».
Мой новы герой адпрацаваў сямігодку ў офісе, пару гадоў займаўся сваім фотабізнесам у Гомелі, а потым нечакана адвёз табурэтку на мыс Горн, вярнуўся і пасяліўся ў вёсцы. Цяпер яму 33 гады, і ён канчаткова вызначыўся з месцам жыцця. «Прыбіраеш ты ў хляве, напрыклад, а ён дорыць табе кучу розных нішцякоў», – паказвае свае ўладанні Кірыл. Прычым хлопцы вырашылі не проста пачаць вясковае жыццё, але і пабудавалі побач з агародамі сцэну, на якой правялі ўжо чатыры музычныя фэсты, што рэгулярна прымаюць замежных гасцей па каўчсэрфінгу і сяброў з падарожжаў. Цяпер плантатары плануюць заняцца вытворчасцю мэблі ды сябруюць з мясцовым фермерам Анатолем, які ў часы высокай вады перавозіць усіх ахвотных на трактары.
«Грошы тут амаль не патрэбныя, толькі калі на будаўнічыя матэрыялы, і тое, я вось сёння паеду з нагоды паваленай ліпы размаўляць. Яе можна будзе на лазню пусціць. 
А на мінулым тыдні мы зарабілі два мяхі бульбы – папрацавалі з фермерам, – распавядае Кірыл, які нядаўна цалкам пераключыўся на матчыну мову. – І наогул, Беларусь – ледзь не адзіная краіна, якая так падтрымлівае піянераў вёскі: пачынаеш гаспадарку – 7 гадоў без падаткаў, маладая сям’я – атрымай 50 гектараў лесу».
У адной з хат я сустракаю Пашу з Крыма ў капелюшы і з дымным муштуком у зубах. Ён таксама жыхар Кастрычніка, сябар Кірыла. «Беларусь – гэта краіна цудаў. Дзе б я яшчэ вясёлага Сталіна знайшоў?» – пытае ён і паказвае нам сваю тахту-музей з фатаграфіяй правадыра ў цэнтры і зламаны тэлевізар з самаробнай інсталяцыяй унутры. «Вось, блакітны агеньчык увесь час гляджу», – смяецца Паша.
На забітых у сцяну цвіках вісіць калекцыя капелюшоў і зялёны пінжак са знойдзеным на гарышчы медалём. Мы вяртаемся на кухню з малым гармонікам у руках пасярод спрэчкі аб перамозе рагачоўскай згушчонкі над глыбоцкай і ссоўваем вектар абмеркавання на тэму даўншыфтынгу, а дакладней таго, што гэтым тэрмінам цяпер называюць любую негарадскую актыўнасць. «Гэта людзі з горада думаюць, што сыход з працы і выезд з двухпакаёвай кватэры – гэта рух уніз, а тут наогул не пра гэта. Тут наадварот – гэта рух углыб. Я рады, што атрымалася зразумець і выпасці з агульнапрынятай карціны свету і намацаць сваю. Нас вось мясцовыя жыхары неяк называлі набрыдні з горада, – смяецца Кірыл, – а я настроены сур’ёзна: мінімум – адраджаць беларускую вёску, максімум – быць тут шчаслівым».
«Там у хаце, як у супермаркеце, свежай выпечкай пахне», – абвяшчае Кірыл, з’яўляючыся на ганку, каб прыабняць сваю нявесту Ірэну, якую ён сустрэў у апошнім падарожжы па Беларусі, і мы разумеем, што чарговыя перамовы трэба адкласці – свежы хлеб просіць цішыні.
«Людзі з горада думаюць, што сыход з працы і выезд з двухпакаёвай кватэры – гэта рух уніз, а тут наогул не пра гэта. Гэта рух углыб»
Сцямнела. Мы сядзім ля вогнішча ў закінутай вёсцы на поўдні Беларусі. І здаецца мне, нібыта да нас, не прыцягваючы ўвагі, падсаджваюцца Тора са сваёй кнігай «Жыццё ў лесе» і Талстой з думкамі пра «сямейнае шчасце», а галоўны тэарэтык анархізмуКрапоткін тыцкае палкай у вогнішча і нават сам Гаген, які ў сярэднім узросце кінуў працу брокера і пачаў маляваць, выглядае з-за пляча вандроўніка МакКендлеса. Усе яны зайшлі толькі таму, што цёмна і трэба трохі пагрэцца. А я больш нікуды не еду.
Фота by roma nosov

Комментариев нет:

Отправить комментарий