понедельник, 23 июля 2012 г.

Беларуская этнаграфія як жыццё ў стылі фольк-мадэрн


Ці ёсць месца традыцыям ў сучасным жыцці? Як могуць веды бабулек пра побыт, веру і культуру дапамагчы сучаснай моладзі? Адказы на гэтыя пытанні ёсць у СЭТ – Студэнцкага Этнаграфічнага Таварыства.
Адпаведна назве, Студэнцкае Этнаграфічнае Таварыства (СЭТ) займаеца этнаграфіяй. Летам у экспедыцыях адбываецца збор інфармацыі па вёсках, у старых яе жыхароў. На падставе гэтых матэрыялаў, а таксама інфармацыі з архіву і літаратурных крыніц рэканструіруюцца народныя святы.
Распавядае Ганна Емялёва, сябра таварыства.

Экспедыцыі як сродак спазнання

Экспедыцыя – гэта вандроўка, якая мае мэтай пошук жыхароў вёсачак, якія могуць распавесці «як даўней было». Людзі выязджаюць з запісваючай апаратурай... і ўласна размаўляюць з тымі, хто можа і жадае нешта расказаць.
У этнаграфічнай экспедыцыі. Ліпень 2011. 
─ У вялікай ступені на падставе расповедаў бабуль мы больш глыбока і натуральна атрымліваем веды. І таму у нас рэканструкцыя (гістырычная рэканструкцыя – АМП)... Не зусім рэканструкцыя. Мы хутчэй пераймаем тое, што могуць расказаць бабулі. Каб не было разрыву паміж нашым і іх пакаленнем.
─ Як ты ўспрымаеш бабулек? 
─ Бабулькі, якія жывуць у вёсцы альбо доўга пражылі там, яшчэ ведаюць пра старыя святы, лад жыцця, побыт, розныя традыцыйныя рэчы. Яны, мне здаецца, вельмі каштоўныя для Сусвета людзі.
─ Як вас успрымаюць людзі, калі вы прыязджацеце ў свае экспедыцыі?
─ Бабулі, дзяды старыя, калі разумеюць, што менавіта цябе цікавіць, адкрываюцца і праз некалькі гадзін размоваў нават пачынаюць называць “унучка”, кормяць, клічуць начаваць. Людзі старыя — адкрытыя. Маладзейшыя — часта не такія шчырыя.
Калі едзеш у экспедыцыю, уражвае і натхняе тое, што амаль усе імкнуцца табе дапамагчы.
─ Вас не лічаць дзівакам?
─ Не… ну спачатку, можа быць, не вераць, што камусці гэта ўвогуле цікава, але мы распавядаем, што самі спяваем, вучымся ткаць і вышываць.

Людзі таварыства: хто і навошта прыходзіць туды

─ Да вас прыходзіць звычайна моладзь ці...?
─ Нас хутчэй аб’ядноўвае сфера цікавасці. Напрыклад, у гэтым годзе мы ездзілі ў экспедыцыю на Магілёўшчыну і знайшлі там цудоўную жанчыну. Зараз падтрымліваем з ёй кантакт.

Валачобніцтва, в. Велеўшчына. 2011. 
─ Навошта людзі да вас прыходзяць?
─ Я думаю, што іх у пэўны момант нешта чапляе, пачутае ці пабачанае. Не ідэі, а эмоцыі... Тут галоўне – каб штосьці з таго, што мы робім, супала з тым, што чалавек шукае ўнутры сябе.
─ Што за людзі звычайна прыходзяць да вас?
─ Людзі з эксзістэнцыйным пытаннем, хто яны, адкуль і чаму яны. Што за краіна гэта, кім былі іх продкі. З другога боку – можа натхняць асяроддзе. Прыходзяць людзі розных прафесій, з розных унівесітэтаў. У нас хутчэй нефармальнае аб’яданне. Мы даўно разам, сябруем сем’ямі.

СЭТ і штодзённасць

─ А скажы, людзі, каторыя ў таварыстве, хто яны ў звычайным жыцці? Наколькі пераплятаецца з СЭТам? 
─ Можа зусім не пераплятацца. Можна хадзіць на працу 6 дзён на тыдзень, а потым паехаць на свята, у экспедыцыю. Пайсці да каго небудзь на хрэсьбіны. Гэта падводны лад жыцця. Тваё звычайнае жыццё – і тваё больш патаемнае, і больш сапраўднае.
─ Не цяжкі такі дуалізм, падвоенасць?
─ Мне прынамсі не. Яно само атрымліваецца.
Справа ў тым, што сабралася кола людзей, якія хочуць захаваць традыцыйную культуру не так, як большасць людзей – тэарэтычна, у артыкулах і кніжках – а ў выглядзе фольк мадэрну. Мы вузкае кола людзей, якія імкнуцца менавіта пераняць традыцыйную культуру, засвоіць яе практычна і прыстасаваць да сучасных умоваў натуральным чынам. Мы імкнемся давесці да людзей, што так можна жыць, выхоўваць дзяцей. І неабавязкова вучыцца на такой спецыяльнасці ва ўніверсітэце.
Можна паглядзець на вопыт Японіі, Швецыі, дзе гэта рэчаіснасць. А ў нас ужо 80 год у чалавечай свядомасці пануе стэрыятып, што традыцыйная культура – гэта такія народныя калектывы, якія падскакваюць вышэй галавы на сцэне ў нерэальных касцюмах. І калі людзі чуюць аўтэнтыку ці нешта блізкае, часта здзіўляюцца, што не толькі Купалінка — народная песня.

Валачобніцтва, в. Велеўшчына. 2011. 
─ Навошта патрэбная гэтая традыцыйная кульутра?
─ Калі ты так жывеш, ты робішся больш шчаслівым. Ты разумееш, хто ты, што ёсць гэтая зямля, на каторай ты жывеш, хто ёсць твае продкі. Што ты не проста дзіця сваіх бацькоў. Што для таго, каб ты з’явіўся, была велізарная колькаць пакаленяў, якія перадавалі традыцыю ў спадчыну.
Пасля досведу паглыблення ў традыцыйную культуру, цяжка, напрыклад, набываць розныя кітайскія рэчы, калі ты можаш рабіць рэчы сваімі рукамі. Бо ўжо з’яўляецца адчуванне, што ёсць добры матэрыял, што азначае якасна пашытае. І так ва ўсім. А яшчэ, на мой погляд, людзі робяцца больш чалавечнымі.
Важна яшчэ і тое, што калі ты робішся бліжэй да традыцыйнай культуры, то робішся бліжэй да прыроды, і нэрвова пульсуючы ком сучаснага чалавецтва з яго велізарнай колькасцю тэхнікі троху разблытваецца.
Гуканне вясны. 2010.

Чым яшчэ займаецца СЭТ

Сябры таварыства як ладзяць свае святы, так ездзяць і ў аўтэнтычныя асяродкі. Праходзяць лекцыі і семінары, паказы фільмаў. Майстры займаюцца рамёствамі: мужчыны – дрэваапрацоўкай, валяннем лямцу; жанчыны – стварэннем традыцыйнага строю (ткацтва, вышыванне, пашыў гарсэтаў, крой кашуль).
Выраб валёнак. 
Студэнцкае этнаграфічнае таварыства – суполка даўно ўжо не студэнцкая. Яно аб’ядноўвае людей усіх узростаў. Некаторыя сябры ездзяць на святы цэлымі сем’ямі.
У таварыстве ёсць гурткі, якія займаюцца спевамі, таксама ў склад уваходзяць розныя спеўныя гурты (напрыклад, Кудмень, Горынь). Усе яны ўдзельнічаюць у фестывалях, выступаюць на фэстах. Гатаванне традыцыйных страваў, танцы, рамёствы – гэта ўсё таксама паказваюць на фэстах.
Даведвацца пра жыццё СЭТу можна праз іх суполку ці па нумарах +375 29 2082090, +375 29 7780100. Сачыце за абнаўленнямі на блогу СЭТ! 
Фота Ганны Емялёвай: аўтар Святлана Клепікава
Ганна Валынец

Комментариев нет:

Отправить комментарий