среда, 1 августа 2012 г.

У Гродне працягваецца руйнаванне Новага Свету

У Гродне працягваецца руйнаванне Новага Свету
Спаквалля ўлады ўсё ж такі рэалізуюць свой план «чысткі» легендарнага кварталу ў старой Гародні.

Шэраг прыватных дамоў па вул. 17 Верасня (раней - «Крэсовай»), як мяркуюць гісторыкі, паўстаў на пачатку 1930-х гг. Частка з іх, які і знесены будынак, носяць выразныя рысы канструктывізму.

На старым фота яшчэ бачныя маладыя сажанцы таполяў, якія былі спілаваныя год з-дзесяць таму.


На здымку 30-х гг. дамы №50, 52 і 54 на цяперашняй вуліцы 17-га Верасня

Высветліць дакладна, хто быў першапачатковым уладальнікам знесенага дома, не атрымалася, аднак дакладна вядома, што праз пару дамоў ад яго, на месцы сучаснай 2-й школы, стаяў падобны асабняк Яна Каханоўскага – закладальніка Гарадзенскага заапарку.

У тыя часы раён знаходзіўся фактычна на ўскрайку гораду, мяжуючы з уладаннямі Друцкіх-Любецкіх ды былой загараднай каралеўскай рэзідэнцыяй – Станіславова.

Тэхніка каля дзвухпавярховага драўлянага будынку па вул. 17-га Верасня, 52 з'явілася яшчэ на мінулым тыдні, што і вызначыла ягоны лёс.

Шкада аднак, што знайшоўшы грошы на адбудову заапарку, не знайшлося магчымасцяў, напрыклад, на стварэнне дома-музея Яна Каханоўскага, няхай і не дакладна ў ягоным, але ж вельмі блізкім ва ўсіх сэнсах будынку.

Не будзем забывацца, да прыкладу, што дом, дзе жыла сям'я Багдановічаў, не захаваўся, а літаратурны музей знаходзіцца ў іншым будынку той эпохі.

Некалькі пакойчыкаў музея Багдановіча добра адлюстроўваюць быт дарэвалюцыйнай Гародні. Дык чаму б не паўстаць у адным з прыватных дамоў Новага Свету аналагічнаму музею з атмасферай міжваеннага горада (узяўшы імя таго ж Яна Каханоўскага)?

У матэрыяле выкарыстаныя архіўнае фота і фота аўтара

Комментариев нет:

Отправить комментарий