суббота, 2 февраля 2013 г.

у каталікоў ды грэка-каталікоў Грамніцы(Стрэчанне)

узор грамнічнай свечкі
Грамніцы, альбо Стрэчанне. Першая назва свята, як мяркуюць, пайшла ад язычніцкага бога Грамоўніка, якому прыпісвалася ўтварэнне веснавых навальніц і дажджоў. Пасля гэтага дня павінна была ўпасці ўлада змрочных бостваў зімы: "На Грамніцы — паўзіміцы" або "Як прыйдуць Грамніцы — скідай рукавіцы". У засеках памяншаўся запас збожжа, і гэты святочны дзень таксама выступаў у гаспадарцы са сваёю меркаю: "Грамніца — хлебу палавіца". Другую назву — Стрэчанне, якая
паходзіла ад царкоўнага "Сретенье", народ тлумачыў як сустрэчу зімы з вясною:
А ў нас сёння Стрэчанне, Стрэчанне,
Зіма з летам стрэлася, стрэлася.
Лета зіму піхнула, піхнула
I ножачку звіхнула, звіхнула.
Зіма пайшла плачучы, плачучы,
Лета пайшло скачучы, скачучы.
Не дзіўна, што гэта пераломнае свята звязана з шэрагам метэаралагічных прыкмет. Найбольш пашыраная з іх выкарыстана ў паэтычнай мініяцюры: "Калі на Грамніцы певень з-пад страхі нап'ецца вадзіцы, то на Юр'я — вол пад'есць травіцы". Калі ж на Грамніцы здараўся вялікі мароз — снег павінен быў праляжаць нядоўга, а вясна і лета не абяцалі нічога добрага. Грамнічная мяцеліца прадказвала, што вясна затрымаецца даўжэй, чым звычайна, у выніку чаго вычарпаюцца запасы корму для жывёлы. Рэзкае пацяпленне надвор'я не давала селяніну разлічваць на прыбытак у полі і на агародзе: "Як на Грамніцы адліга — з ураджаю будзе хвіга". Пры адсутнасці адлігі можна было спадзявацца на пагодлівае, сухое лета. На Беларусі гэта свята знамянальна такім абрадам, як асвячэнне свечак у царкве. Грамнічныя свечкі (або проста "грамніцы") асабліва шанаваліся ў народзе — іх запальвалі з вераю ў дапамогу падчас навальніц, каб маланка не спаліла хату; іх давалі цяжка хвораму ў час канання, каб полымя асвятляла таму шлях на той свет, ачышчала душу ад грахоў. Жыло ў народзе перакананне, што грамнічных свечак баіцца "нячыстая сіла", таму і вешалі іх ля ўваходу ў хлеў ці на стайню, каб, маўляў, ведзьмы не адабралі ў кароў малака і не заездзілі да смерці коней

А яшчэ Дзень Анёла ў Яўхіам, Лаўрына, Іны, Рымы
"Калі на Яўхіма сонечна ў поўдзень, то гэтак будзе да ранняй вясны. Калі завіруха, то на ўсю Масленіцу завіруха"

Комментариев нет:

Отправить комментарий