среда, 19 декабря 2012 г.

“Жывая гісторыя” ажывіла часы Элізы Ажэшкі

Эліза Ажэшка Каляды ў Ажэшкі
На выставе ў аддзеле мастацтва абласной навуковай бібліятэкі імя Карскага прадстаўлены прадметы з прыватных калекцый гарадзенскіх калекцыянераў: Аляксандра Сявенкі, Алеся Госцева, Януша Паруліса.
Выстава

Тут можна ўбачыць прыжыццёвыя кнігі Элізы Ажэшкі і матэрыялы пра яе жыццё, асобнікі за розныя гады выданняў “Kłosy” і “Tygodnik Ilustrowany”, у якіх друкавалася пісьменніца. Таксама выстава сабрала і іншую літаратуру другой паловы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя.

Людміла Удавенка
Па словах галоўнага бібліятэкара аддзела мастацтваЛюдмілы Удавенка, у гэты перыяд у горадзе пачынаў складвацца пласт шматкультурнай інтэлігенцыі:

На выставе знайшла месца літаратурная барацьба паміж прадстаўнікамі класічнай літаратуры, у асноўным рамантычнай хвалі, і маладымі літаратарамі ХІХ стагоддзя ў Варшаве. Эліза Ажэшка была на баку апошніх. Яна не прымала рамантызм і лічыла, што прыўзнятыя прамовы і багатырскія ўчынкі не адлюстроўваюць штодзённае жыццё”.

На стэлажах шмат старых кніг, газет, лістоў, друкаваных і рукапісных дакументаў, афіцыйных папер гарадзенскіх дзяржаўных устаноў, паштовак прыватных людзей. Шмат прадметаў інтэр’еру: мэбля, посуд, жаночыя ўпрыгожванні. Ёсць у калекцыі і ручка, чарнільніца і фотаапарат узору таго часу.

Як расказвае калекцыянер Януш Паруліс, многія рэчы з выставы належалі да яго сям’і:

Януш Паруліс
Мы тут кланам жылі. Дамы з часам поразвальвалі. Нешта часткова разбазарылі, а частка трапіла да мяне. Нейкія рэчы я купляў або абменьваў, прывозіў з Гданьска, Вільні, Рыгі, Мінска. Калі рэчы не на выставе, іх захоўваю ў сябе за “кратамі”. У маёй краме ёсць такое памяшканне з кратамі на вокнах.
Некаторыя прадметы маюць вялікую каштоўнасць, некаторыя зусім дробязныя. Тым не менш, яны ўсе старыя, прыемна на іх глядзець. Кожная рэч прыгожая па-свойму, зробленая з душой”.

Яшчэ на выставе можна ўбачыць дарэвалюцыйныя фатаграфіі з выявамі Гродна і гарадзенцаў. Прадстаўленыя працы паказваюць як развівалася фотамастацтва таго перыяду ў Гродне. Ужо ў 1860-х гадах у горадзе была развітая сетка фотамайстэрняў. Фотаздымкі захавалі выдатную якасць нягледзячы на сваю даўніну. Дарэчы, зазірнуўшы на адваротны бок многіх з іх, можна ўбачыць, у якой фотамайстэрні яны былі зроблены.

Калекцыянер Аляксандр Сявенка: “Сутнасць выставы ў тым, каб сабраць рэчы пэўнай тэматыкі і часу. Паасобку яны не ўяўляюць цікавасці. Кнігі, дакументы, фатаграфіі з маёй калекцыі маюць дачыненне да гісторыі Заходняй Беларусі. Я іх збіраю для выкарыстання ў навуковых працах па гісторыі Гарадзеншчыны. Гісторыі многіх экспанатаў, прадстаўленых тут, я ўжо распавядаў у сваіх навуковых працах”.

Разам з выставай арганізатары правялі ў доме Элізы Ажэшкі дабрачынны аўкцыён прадметаў мастацтва.
Эліза Ажэшка на 'Калядах у Ажэшкі'
Аўкцыён вёў актор тэатра лялек Енджэеўскі
Было прапанавана 20 лотаў, у куплі якіх удзельнічала 16 прадпрыемстваў горада: Малочны Мір, Гродзенскі мясакамбінат, СТ “Купала”, Белдзяржстрах, Гроднажылбуд, Гродзенскі шклозавод, Гродзенскі механічны завод, Хімвалакно, Гродна Азот і іншыя.
У выніку продажаў сабрана 49,5 мільёнаў рублёў. Самай дарогай апынулася карціна Нікалая Бандарчука “Возера каля Гожы”, прададзеная за 4,8 мільёны рублёў. Тры карціны батык Юліі Болбат “Зіма”, “Лета” і “Вясна” сышлі з малатка разам за 8,1 мільёнаў рублёў.

Па ўмовах аўкцыёну ўдзельнікі павінны зрабіць аплату да 21 снежня. Грошы, сабраныя ад продажу карцін і скульптур, пойдуць на куплю падарункаў дзецям-інвалідам і сіротам.
Аўкцыён
Адна з арганізатарак праекта “Жывая гісторыя” Вераніка Кузміч расказвае, што карціны збіралі ў мясцовых мастакоў:

Вераніка Кузьміч
Мы звярталіся і ў каледж мастацтваў і ва ўніверсітэт. Унікальнасць сённяшняга дня ў тым, што праходзіць дабрачынны аўкцыён, якіх не было ў Гродне амаль 20 гадоў. Яго можна назваць разынкай мерапрыемства.

Чаму менавіта Эліза Ажэшка? Яна гонар нашага горада. Пісьменніца заўсёды была добрая да дзяцей, ладзіла дабрачынныя вечары”.

У наступныя дні праект рыхтуе яшчэ шмат сюрпрызаў удзельнікам, кажа Вераніка.

У нас будзе выстава дзіцячых малюнкаў. Па выніках мы хочам выканаць дзіцячыя мары. На адваротным баку дзеці пісалі лісты Дзеду Марозу і загадвалі жаданні. Вось мы трохі і пачаруем”.

Здымкі Яна Лялевіча і аўтаркі

Комментариев нет:

Отправить комментарий