воскресенье, 20 января 2013 г.

Невычэрпная крыніца экспедыцый

У лістападзе 2012 года наша Суполка народнай культуры арганізавала невяліку аднадзёную экспедыцыю на двух аўтамабілях ў Гродзенскі раён. Вялікую дапамогу ў знаходжанні старых людзей аказаў кіраўнік музея СВК імя Дзеньшчыкова Уладзімір Козыраў, а на мінулым тыдні ў газеце "Перспектыва" з'явіўся артыкул пад яго аўтарствам "Невычэрпныя крыніцы". Шмат вельмі прыемных, пранікнёных і шчырых слоў, якімі мы хочам падзяліцца з вамі.

Невычэрпная крыніца

Нядаўна цэлы дзень давялося правесці ў незвычайных абставінах. З Гродна на дзвюх машынах прыехала група моладзі (студэнты і ўжо працуючыя), аб’яднаная жаданнем захаваць беларускую народную культуру. Аказалася, у Луцкаўлянах пражываюць родзічы адной з членаў гэтай этнагрупы – сям’я Сівуха, дзе таксама ў пашане беларускае слова. Узброеныя сучаснай здымачнай апаратурай, яны ездзілі па вёсках, наведвалі пенсіянераў, фатаграфіравалі сялянскія хаты і інтэр’еры. Пашчасціла іх суправаджаць. Як жа гэта было цікава і павучальна!



У Баброўніках пры ўездзе ў вёску нас сустрэлі вялікія валуны з датай першага пісьмовага ўпамінання аб ёй – 1398 год – і вясковы крыж. А ў хаце Лідзіі Іосіфаўны Сыч – сама гаспадыня і суседка Ніна Сцяпанаўна Сіцько. Пачаліся роспыты: што спявалі ў маладосці, як гулялі вяселле, як дзяцей гадавалі, якія легенды вядомы, якія прыкметы існавалі і г. д.

І на ўсё ў нашым народзе ёсць песні, звычаі, прыкметы. Як адзначыць усе падзеі на арбіце жыцця, аж да скону, да праводзін у апошні шлях. Склаліся шматвекавыя традыцыі. Ідуць яны з часоў язычніцтва. Няўмольны бег часу многае сцірае. І ад нас, сучаснікаў, залежыць, ці аддадзім мы накопленае духоўнае багацце ў нябыт. Тое багацце, якое і робіць нас, беларусаў, адметнымі ў свеце. Ніколькі не прыніжаючы годнасці другіх нацый, мы займаем, як сказаў Янка Купала, “свой пачэсны пасад між народамі”. Усе госці Беларусі прызнаюць нашы лепшыя якасці – сціпласць, дабрыню, працавітасць, гасціннасць, высокі ўзровень адукаванасці.

Заслужаныя працаўніцы Лідзія Іосіфаўна і Ніна Сцяпанаўна на працягу некалькіх гадзін добразычліва апавядалі пра “Зажынкі” і “Дажынкі”, сватанне і вяселле, Купалле і Дзяды. Прадэманстравалі, як танцавалі польку-трасуху. Вельмі часта паўтаралі:

– А гэтаму мяне навучыла свякроў.

– Мама мне так казала.

Было такое адчуванне, что яны як бы вярнуліся ў маладосць, жылі тым настроем, які быў калісьці. Шкадавалі, што ў вёсках становіцца ўсё менш людзей і губляецца паступова тая згуртаванасць, калі ў цяжкіх умовах жыцця пры панскай уладзе, у час вайны, пры першых кроках бедных калгасаў людзі прыходзілі адзін аднаму на дапамогу, разам дзялілі і гора, і радасць.
Усе іх песні былі запісаны, рукадзелле сфатаграфіравана, аповеды зняты тэлекамерамі.

У Сухой Даліне нас, па-першае, з беларускай гасціннасцю шчыра запрасілі за багата застаўлены стол. А Яніна Вацлаваўна Паданенка, якая мае багаты вопыт удзелу ў мастацкай самадзейнасці, узнагароджаная многімі граматамі і дыпломамі, спявала адну песню за другой. Прыгожым, добра пастаўленым голасам. Беларускімі песнямі ў яе запоўнены некалькі сшыткаў. Дома захоўваецца беларускі нацыянальны касцюм.
Гарадскія госці пазнаёміліся з вёскай Лаша, радзімай акадэміка Карскага і партызанкі-падпольшчыцы Вольгі Соламавай, музеем СВК і іншымі выдатнымі месцамі.

Ветлівыя юнакі і дзяўчаты, якія добра валодаюць літаратурнай беларускай мовай, здзівілі тым, што ведаюць народную культуру розных рэгіёнаў Гродзеншчыны. А яшчэ больш тым, што паездкі такія яны ажыццяўляюць за свой кошт і не шкадуюць на гэта асабістага часу.

Цікавыя людзі жывуць у нашых вёсках. Тая ж Ніна Сцяпанаўна Сіцько – лекар-траўніца. З багатай практыкай. Яе вопыт ужо дапамог родным і знаёмым. Яніна Вацлаваўна Паданенка – яшчэ і паэтка, складае частушкі на актуальныя тэмы. І выйшла так, што гродзенскія этнагурткоўцы былі ў захапленні ад нашых пенсіянерак, а тыя, у сваю чаргу, задаволены, што ёсць людзі, якія цікавяцца іх жыццёвым лёсам.

Сапраўды, вельмі радасна адчуваць, што ўздымаецца хваля сапраўднага адраджэння сапраўднай багатай культуры нашай Радзімы, любімай Беларусі. Маладыя людзі на развітанне так і сказалі:
– Перададзім гэта дзецям, каб яны мелі што эстафетай перадаць сваім дзецям.

Калі хто хоча дапамагчы энтузіястам, набярыце 8-029-79-13-188 (Жэня).

…Так супала, што вечарам таго ж нядзельнага дня тэлебачанне паказала “Песні маёй Радзімы”. Свята далучэння да беларускай народнай культуры, да яе чыстых крыніц працягнулася – прыгожыя строі, глыбокі сэнс, меладычныя галасы… Куды да іх многім паўголым безгалосым “зоркам”, якія дзікунамі крыўляюцца на сцэне. І хто іх толькі туды выпускае?!

Комментариев нет:

Отправить комментарий