пятница, 4 мая 2012 г.

Далятычы — бастыён уніяцтва і рагулёўцаў

Аўтобус ад’ехаў, і мы з Надзеяй засталіся ўдваіх на прыпынку, паміж воданапорнай вежай і аброчным крыжам. Сябры-этнографы забяруць недзе каля шостай, як скончаць апытанні ў суседніх вёсках.
Далятычы — кампактнае заходнебеларускае мястэчка з цэркаўкай першай паловы ХІХ ст., брукаваным бальшаком, перабудаванай жыдоўскай школай ды помнікам партызану насупраць крамы. А яшчэ тут калісьці жылі мае продкі.
Далятычы — бастыён уніяцтва і рагулёўцаў








Найперш даводзіцца ісці праз могілкі. Сустракаюць нас каржакаватыя крыжы, пахіленыя ці зусім паваленыя надмагіллі: Хадасевічы, Хількевічы, Бушмы… Не, няма Кіркевічаў. А можа пад адной з ананімных абчасаных глыбаў, што сягаюць яшчэ часоў Вялікага Княства? Відаць, як ля царквы, дзе чытаў псальмы мой прапрадзед, збіліся ў тлум ды гамоняць бабулькі ў хустках, пераважна ў чорным. Вымаю «шпаргалку», падрыхтаваную нам дзяўчатамі, якія працавалі тут год таму.
— Дзень добры, мы этнографы, ці ведаеце такую Лідзію Міхайлаўну…
— А вунь жа стаіць, — хорам паказваюць на невысокую сціплую жанчыну ў плашчы.
— Мы песні збіраем, звычаі народныя…
— Не, не сёння. Хаваем чалавека, — гучыць катэгарычны адказ былой кіраўніцы мясцовай капэлы.
Шкада. На выратавальнай паперцы значыцца яшчэ нейкі «Аляксандр Фаміч», адзін з тутэйшых старажылаў.
— А гэта проста па вуліцы трэба ісці, у канцы жоўты дом будзе з зорачкай, — скіроўваюць бабулькі.
Ідзем брукаваным бальшаком па вуліцы Віленскай. Не Савецкай, не Леніна, прашу заўважыць, а Віленскай!
Гэта, аднак, не ратуе: агульнабеларускі правінцыйны мор не амінуў і гэтага мястэчка:
толькі ў кожнай трэцяй хаце нехта стала жыве, ад вялікага будынку ля царквы, у які мы заходзілі апошнім разам у 2006-м, засталася толькі сцяна ды куча бярвення…
А вось і ён — дом з зорачкай.
Аляксандр Фаміч, як любы правінцыял, спачатку саромеецца, апраўдваецца, што нічога не ведае, у хоры спяваў на падпеўках, звычаяў не памятае… Аднак калі гаворка заходзіць пра вайну Фаміч, як «па-простаму» клічуць нашага суразмоўцу ў вёсцы, распраўляе плечы і пачынае прамову, якая, мабыць, ужо неаднойчы гучала ў хаце: «Афіцэр нямецкі наставіў на мяне пісталет і кажа: „Вязі!“. А я ж разумею, што атрымліваюся здраднікам і шукаю па дарозе вачыма слуп ці дрэва, знайшоў, баранку як крутану…»
І гэтак далей: узяццё Варшавы, штыхавыя атакі, рызыка побач са смерцю — няпросты лёс чалавека, апрацаваны ў стылі сацрэалізму. Прызвалі аднак Аляксандра Фаміча толькі ў 1944-м, таму ён заспеў яшчэ і жыццё пад акупацыяй:
— У бацькі партызаны карову ўвялі, папярэдне клямкі ў хаце заматаўшы… — А паліцыя была тут? СБМ?
— Паліцыя ў Любчы стаяла, СБМ бліжэйшы толькі ў Наваградку, там жа і Рагуля…
— Барыс Рагуля?
— Так, ён у нас у школе настаўнікам нямецкай мовы працаваў яшчэ за палякамі, прыстойна заўжды выглядаў, размаўляў толькі па-беларуску… У 39-м, калі прыйшлі саветы Рагуля на нейкі час знік, забіралі яго на допыты, а пасля зноўку вярнуўся… У вайну пайшоў да немцаў, арганізаваў кавалерыйскі швадрон, а яшчэ казаў, што «трэба біць немцаў нямецкай зброяй».
Аляксандр Фаміч быў ахрышчаны яшчэ ва ўніяцкай царкве, як і большая палова вёскі.
Адраджаў у міжваенны перыяд у Далятычах Унію айцец Вячаслаў Аношка.
Падчас вайны партызаны палявалі на яго як на антысавецкага элемента. Парафіяльны дом спалілі, сам айцец Вячаслаў уратаваўся цудам — папярэдзіў яго нехта свой з партызанаў…
Міма ад царквы праехаў пахавальны картэж з дзвюх машын, сонца перакацілася на захад, а мы прыселі перакусіць ля крамы. Акурат над намі навіс помнік партызану — хлопец з закручанай чупрынай ды аўтаматам. Сам — срэбраны, боты пафарбаваныя ў чорны.
— Тут будзеце сядзець? Я шчас! — кідае, зарульваючы ў краму, мужык, з якім папярэдне бачыліся ў Фамічовым гаражы. Што ж, значыць без экскурсіі не абысціся…
— Вось там цыганы жывуць, там — таксама «нярускія», — ідзем ужо па бальшаку, аглядаючы закінутыя хаты. Новы знаёмы час-почас смокча гарэлку нагбом. — А вы па-бульбашску всегда разгаварываеце? Я сам напалавіну рускі, на палавіну х… знает кто. А вот тут хата стаяла, яе як разбіралі — партрэт Гітлера ды патроны нашлі… Тут бабка жыла — ой, х.ва кончіла…
Дзядзька, а як ты сам скончыш? Як скончыць краіна, якую апанавалі такія, як ты? Што з вамі рабіць і што тут застанецца, калі вы нарэшце «скончыце»? Панесла нешта… Бывае. Вось ужо і вёска сканчаецца — трэба паварочваць, пакуль ёсць час.
Развітаўшыся з чарговым спадарожнікам заходзім у апошнюю хату. Сціплая ўсмешлівая жанчына паказвае вышыты абрус, тканыя дываны з птушачкамі, у покуці абраз пад ручнікамі — рэпрадукцыя Маці Божай Вастрабрамскай.
Надзея ўсё фатаграфуе.
— А на гарышчы мо ёсць што цікавае?
— Не, мы страху нядаўна мянялі, дык павыкідалі ўсё. Лісты там бацькавы былі, ад Шырмы лісты…
Ну-ну-ну, і дзе яны?!
— Паспальвалі ўсё. А бацька спявак быў добры, дык Шырма яго ўсё клікаў да сябе ў хор…
Тут раптам вочы трапляюць на сямейны партрэт на сцяне — паважная пара, адрэтушаваны здымак, усё як мае быць, але вось у рамку дастаўлены… Аляксандр Рыгоравіч! «Прошу вашей поддержки» — паштоўка з далёкіх 90-х.
— Гэта маці, як была жыва, паставіла. Мы не здымалі ўжо.
«Навошта здымаць?» — так беларусы лічылі ў 2001-м, 2006-м, 2010-м.
— А чые ж гэта? Унукі твае? — на двары запытваецца гаспадыню суседка.
— Мае, мае ўнукі! — смяецца праводзячы нас за плот жанчына.
Так, мы ўнукі, мы новае пакаленне, а яны дзяды, штосьці нам ад іх трэба ўзяць, а штосьці — пакінуць з імі.
Наша падарожжа скончылася — мы зноўку на шашы паміж крыжом і воданапорнай вежай, чакаем на бусік з калегамі.
«Далятычы — ад слова «даль» — тлумачыў Фаміч. Тутэйшае тлумачэнне — простае, як камень пры дарозе, як бязродны сабака, што просіцца ў рукі, як захад сонца. Вось і мы ад’язжаем у далячынь, каб не патрапіць у пастку часу, роспачы, каб не зняверыцца, але ўстаць ды пайсці далей.

Чытаць цалкам http://nn.by/?c=ar&i=71744

Комментариев нет:

Отправить комментарий